Цяжкія ўспаміны…

Да сорак першага года дарослыя і дзеці будавалі планы на будучыню, марылі, не ведаючы,што гэтаму ўжо не наканавана спраўдзіцца. 22 чэрвеня ва ўсіх савецкіх людзей пачаўся новы, невыносна цяжкі этап у іх жыцці, для многіх ён стаў апошнім: яны так і не дачакаліся доўгачаканай Перамогі, не ўбачылі твары дарагіх сэрцу людзей.

Вайна не шкадавала нікога. Цяжкія гады прыпалі на юнацтва былога бухгалтара Баранавіцкага аддзела аховы Ніны Міхалевіч. З прыходам фашыстаў Ніна Патапаўна працавала сувязной партызанскага аддзела імя Макарэвіча, які размяшчаўся на Спораўскіх балотах каля горада Драгічына. Яна ў дні Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскі атрад дастаўляла звесткі аб рухах цягнікоў па дарозе Брэст-Пінск, а таксама медыкаменты ад немцаў у партызанскі атрад.

«Быў 1941 год. Мы жылі ў Драгічыне. Памятаю, як да нас прыйшлі два нямецкія афіцэры. Адзін з іх стаў лавіць курэй, а другі, удакладніўшы прозвішча таты, павёў яго ў хату. Там на добрай рускай мове ён расказаў, што ягоны бацька — нямецкі інжынер, да вайны працаваў у Ленінградзе, будаваў масты, што сам ён вучыўся ў савецкай школе, аднак пасля таго, як да ўлады прыйшоў Гітлер, усіх спецыялістаў адклікалі назад у Нямеччыну», — распавяла жанчына.

Ён паказаў бацьку спіс з прозвішчамі тых, хто дапамагаў партызанам: увесь савецкі актыў. Было там і прозвішча таты: ён яшчэ да вайны стаў членам кампартыі Заходняй Беларусі…

Афіцэр сказаў, каб бацька ішоў у лес, бо праз тры дні па яго прыедуць фашысты. А ягоныя дзеці, павінны тады сказаць, што бацьку ўжо «забралі». Паказаў афіцэр і дом здрадніка, які склаў той спіс…

Праз тры дні да дома і сапраўды пад’ехала машына.

«З яе выйшаў афіцэр з маноклем і па-нямецку спытаў у мяне: «Дзе твой бацька?» Я адказала, як навучылі, што яго ўзялі тры дні таму. «Гут», — прамовіў немец, сцёбнуў сябе плёткай па боце, сеў у машыну і з’ехаў…», — падзялілася цяжкімі ўспамінамі Ніна Патапаўна. — Так, дзякуючы немцам-антыфашыстам, ацалела сям’я. А магло ж, крый бог, быць іначай: прыход тых афіцэраў мог аказацца пасткай. Але ж, калі адзін з іх загаварыў па-руску (хоць гэта і было небяспечна), надышоў момант ісціны, бо ў той час нават у думках не дапускалася, што ад немцаў можна чакаць праявы чалавечых пачуццяў, лічылася, што вораг — гэта звер. Але ж такой была воля Гасподняя…

Позняй восеню 1944 г. у Польшчы ішлі баі за Варшаву, вайскоўцаў па-ранейшаму — эшалон за эшалонам — адпраўлялі на вайну. Але ў Лунінцы ўжо аднаўлялі разбураныя будынкі і нават у самім паветры адчувалася, што Перамога ўжо блізка-блізка.

«Мне тады было 17, і гэта, вядома ж, дыктавала сваё: хацелася жыць, кахаць, танцаваць! Мне вельмі падабалася, калі іграў духавы аркестр! Неяк з сяброўкамі мы пайшлі ў Клуб чыгуначнікаў. Побач, за яго сценамі, стаялі эшалоны — байцоў адпраўлялі на фронт. Але нехта з іх яшчэ паспяваў зазірнуць на танцы…Памятаю, як зайграла музыка і як мяне падхапіў, закружыў у вальсе малады афіцэр, — падзялілася Ніна Патапаўна. 

Танцавалі яны вельмі зладжана і прыгожа, так, што спачатку ніхто з прысутных не адважваўся далучыцца: толькі глядзелі.

«Мы «прайшлі» адзін круг, другі, і хіба што потым да нас далучыліся іншыя. Калі музыка сціхла, афіцэр не адпусціў маю руку: зноў запрасіў на танец…», — прадоўжыла жанчына.

І раптам пранізліва загудзела труба. Але не аркестровая, а тая, што кліча на збор… Веставыя сталі аб’яўляць нумары вайсковых часцей, якія зараз, гэта значыць ужо, адпраўляюцца на фронт. Той афіцэр глядзеў на дзяўчыну, трымаў за руку і напружана слухаў. На гэты раз цуду не здарылася: яго часць назвалі таксама. Ён разгублена ўсміхнуўся, адступіў, потым азірнуўся і, гледзячы ў вочы, сказаў: «Я — Бабалян Амбарцум Аерыевіч»…

«З тых часоў мінула 73 гады, але памяць мая «трымае» гэта імя. І я дагэтуль думаю: ці жывы той афіцэр? Можа, вальс наш быў яго апошнім танцам, бо ў тую ноч вайскоўцаў везлі на перадавую…А можа, ён неяк ацалёў? І можа, таксама помніць наш Лунінец, клуб, танец?.., — сумна разважала Ніна Патапаўна.

Самым дарагім падарункам да 18-годдзя юнай дзяўчынкі стаў салют Перамогі. Яго яна сустрэла ў Лунінцы. Пазней Ніна Патапаўна была ўзнагароджана знакам «Партызан Беларусі».

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Ніна Патапаўна скончыла банкаўскія курсы і 17 гадоў прапрацавала ў Лунінецкім аддзяленні дзяржбанка, потым, змяніўшы некалькі месцаў, прыйшла ў Баранавіцкі аддзел аховы галоўным бухгалтарам.

Сёння Ніна Патапаўна на пенсіі, мае 3-х унукаў і 2-х унучак.

Брэсцкае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы,

Поэтка Валянціна ПАЛІКАНІНА, г. Мінск, газета «Звязда»