29 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень утварэння падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС, на які ўскладзены задачы па ажыццяўленні ахоўнай дзейнасці: забеспячэння грамадскага парадку на ахоўных аб’ектах, у зонах пастоў і маршрутаў патрулявання, кантролю тэхнікі, ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці арганізацый і г.д.
З нагоды прафесійнага свята мы дамовіліся пра сустрэчу з дзяжурнай пульта кіравання Ганцавіцкага аддзялення Вольгай Мурашка. Сёлета маладая жанчына была прызнаная лепшай з усіх працаўнікоў дэпартамента, якія прадстаўлялі свае вобласці на рэспубліканскім конкурсе. Таму можна смела сказаць, што ў Ганцавічах працуе найлепшы ў Беларусі спецыяліст. Вольга Мурашка расказвае:
– Шлях да прафесіі быў для мяне вельмі простым і… нечаканым. Нарадзілася і вырасла ў Ганцавічах, скончыла сярэднюю школу №3. У старэйшых класах вырашыла, што хачу працаваць у банку, таму паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж. У 18-гадовым узросце завяршыла навучанне ў ім, атрымаўшы кваліфікацыю спецыяліста па банкаўскіх паслугах. Калі пасля навучання шукала месца для ўладкавання, знаёмая дзеўчына прапанавала пасаду дзяжурнага пульта кіравання. Так я сюды прыйшла на стажыроўку і засталася, вось ужо 9 гадоў працую. Хаця спачатку была ўпэўнена, што гэта часовая праца. Зараз удзячная лёсу за гэтую выпадковасць.
У чым заключаецца наша праца? Мы адказваем за стан аб’ектаў, якія знаходзяцца ў нашым горадзе, за асабістую маёмасць грамадзян, за трывожныя кнопкі, якія знаходзяцца на аб’ектах. Напрыклад, у магазіне заказчык націскае трывожную кнопку – і мы накіроўваем туды нарад, які будзе высвятляць, што адбылося. Часам сітуацыя патрабуе аператыўнасці. Праца ў нас кругласутачная. Заступаем а 8-й гадзіне раніцы, і да 8-й вечара доўжыцца змена. Потым наадварот: з 8-й вечара да 8-й раніцы. 12 гадзін нясём службу.
Першы пульт цэнтралізаванага назірання ў Ганцавіцкім аддзяленні з’явіўся ў 1970 годзе. Спачатку на яго былі падключаны толькі магазіны, затым касы і іншыя аб’екты.
На дадзены момант у Ганцавіцкім падраздзяленні аховы працуе больш за 70 чалавек, якія ахоўваюць 297 аб’ектаў і жылых дамоў. Апроч таго, 151 аб’ект кантралюецца з дапамогай сродкаў трывожнай сігналізацыі.
Работа дзяжурнага пульта кіравання вельмі адказная, бо звязаная з маёмасцю людзей, а ў асобных выпадках нават з іх жыццём. На працы трэба хутка рэагаваць, бо гэта можа кагосьці ўратаваць не толькі ад крадзяжу, але і часам нават ад смерці. Гэта вялікая адказнасць, таму няма часу на роздум – трэба хутка дзейнічаць. А для гэтага неабходна дасканала ведаць сваю справу. У нашай сферы без гэтага нікуды. Вось і на сцяне над працоўным нашым месцам вялікімі літарамі напісана: “Бяспека. Надзейнасць. Прафесіяналізм”. Личыце – мой дэвіз. У гэтай справе неабходна адпавядаць высокім стандартам, бо ад цябе залежыць спакой горада і яго жыхароў. Наколькі ў мяне атрымліваецца быць паспяховай у сваёй прафесіі, удалося засведчыць сёлета.
Нядаўна ў Брэсце быў праведзены ХХІ Адкрыты рэспубліканскі агляд-конкурс прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. Я там удзельнічала ў якасці дзяжурнай пульта кіравання, заняла першае месца. Праграма конкурсу была разлічана на два дні. У першы дзень была практыка: сабралі службовае месца, такое, як і ў нас тут, камп’ютары і групы затрымання. Мы павінны былі паказаць свае прафесійныя якасці, веды і ўменні. Трэба было накіраваць групу затрымання на масавыя спрацаванні сігналізацый. Дапусцім, пяць аб’ектаў, з якіх адначасова ідзе трывога. Неабходна было кіраваць нарадам, вызначаць ступень важнасці аб’ектаў і небяспечнасці сітуацый, каб размеркаваць парадак, паводле якога будуць ехаць супрацоўнікі. Гэта ацэньвалася баламі. На наступны дзень быў экзамен па тэорыі. Там мы здавалі тэставыя заданні на веданне службовых інструкцый і загадаў. Было страшна і вельмі хвалююча, але я справілася.
На працы за мяне, вядома, парадаваліся. Больш за тое: яшчэ перад ад’ездам на конкурс у мяне верылі і нават не сумняваліся, што еду па перамогу. Вельмі прыемна адчуваць такую падтрымку калектыву. Зараз, маючы пацверджанне таго, што я на правільным шляху, узгадваю сябе 18-гадовую. Памятаю, як толькі сюды прыйшла, усяго баялася, бо ніколі не думала, што магу тут працаваць. Гэта ўсё здавалася вельмі сур’ёзным. Але паступова з кожным годам адчуванне таго, што я на сваім месцы, праяўлялася ўсё больш і больш. Цяпер нават не ўяўляю жыцця без працы ў Дэпартаменце аховы.
Адным з найвялікшых бонусаў работы тут для мяне стаў графік. Мы працуем пазменна, і маем 2-3 выхадныя дні. Заўсёды ёсць час, жаданне і сілы на асабістыя справы. Гэта вялікі плюс.
Два гады таму я адчула патрэбу ў рэалізацыі сябе ў фатаграфіі, адкрыла фотастудыю ў Ганцавічах. А пачалося гэта, напэўна, яшчэ са школы. Дома быў звычайны савецкі фотаапарат “Зеніт”. Там была плёнка на 36 кадраў. Я ў тыя часы яшчэ добра не разбіралася ў тонкасцях фатаграфіі. Але цікавасць не гасла, я паступова вучылася. Тры гады таму я адчула гатоўнасць да працы фатографам, праходзіла навучанні, і праз год ужо адкрыла ў Ганцавічах фотастудыю. Дзякуй богу, я маю магчымасць сумяшчаць сваю асноўную работу з прафесіяй фатографа. У ахове стараюся працаваць якасна, у выхадныя працую ў студыі, раблю здымкі. Выходзіць, маю дзве справы, якія шчыра люблю. Тут прафесія больш важная і адказная, а там больш крэатыўная. Але абедзве справы вымагаюць няспыннага развіцця і самаўдасканалення. Радуюся магчымасці працаваць, вучыцца, развівацца, адчуваць сябе жывой. Думаю, што мне вельмі пашанцавала працаваць у месцы, якое не забірае сілы, а дае натхненне і магчымасць рэалізавацца і ў такой адказнай працы, і ў творчасці.
Супрацоўнік Дэпартамента аховы мусіць быць камунікабельным, пазітыўным і вельмі энергічным. Таму што ў нас такая праца, што часам, здаецца, рук не хапае, каб усё паспяваць. Трэба быць заўсёды ў тонусе, быць адкрытым да камунікацыі. У нашым калектыве людзі заўсёды на сувязі. Мы дапамагаем адзін аднаму і ведаем, што нам таксама заўсёды прыдуць на дапамогу пры неабходнасці. Адзін за аднаго хвалюемся, падтрымліваем. У нас вельмі трывалая ўзаемасувязь у калектыве, усяго 5 чалавек працуе на адным месцы, ужо шмат часу разам. Таму мы заўсёды раімся ў розных сітуацыях, у любы час дня і ночы. Не на кожнай працы людзі адчуваюць сябе, як у сям’і. А нам так пашанцавала. Думаю, у гэтым наша моц.
Сваім калегам зычу ў першую чаргу здароўя, эмацыйнага і душэўнага спакою. Каб і ў сем’ях, і ў працоўным калектыве заўсёды ўсё было добра і лёгка. Вядома, хочацца пажадаць спакойных змен, каб у горадзе ўсё было спакойна. Мір у наш час – вельмі важная каштоўнасць.
Яўгенія ПРАКАПЧУК.
Фота аўтара