IMG_3638

СЛУЖЫЦЬ ЗАКОНУ, НАРОДУ, АЙЧЫНЕ

У Лунінецкім аддзеле Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь адбыўся афіцэрскі сход. Асабісты састаў сабраўся, каб урачыста правесці на заслужаны адпачынак былога начальніка аддзялення па ахове аб’ектаў у г. Мікашэвічы маёра міліцыі Ігара Макаловіча.

Вядучая мерапрыемства – спецыяліст па кадрах Святлана Сацкевіч – з задавальненнем перадастаўляла словы калегам, якія не шкадавалі цёплых слоў у адрас Ігара Якаўлевіча. Павіншавалі “новаспечанага” пенсіянера з адметнай падзеяй у жыцці начальнік аддзела падпалкоўнiк міліцыі Анатоль Буневіч, яго памочнік па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні капiтан міліцыі Андрэй Кузьміных, выконваючы абавязкi начальніка Мікашэвіцкага аддзялення аховы старшы лейтэнант міліцыі Руслан Сучкевіч, інспектар і інжынер групы сродкаў і сістэм аховы капiтан міліцыі Дзмітрый Волчак і Анатоль Кіслюк, работнікі ўчастка Людміла Піліпцэвіч і Вольга Чарнавокая. Урачыстая місія выпала старшыні савета ветэранаў Лунінецкага аддзела старшаму лейтэнанту міліцыі ў адстаўцы Францу Мяцеліцы, які ўручыў памятныя адрасы і пасведчанне ветэрана. На заканчэнні мерапрыемства начальнік аддзела Анатоль Буневіч аб’яўленую падзяку “аздобіў” падарунакам ад супрацоўнікаў аддзела.

IMG_3689

У сваю чаргу Ігар Якаўлевіч падзякаваў усім за ўвагу, за віншаванні і шчырыя словы. Звяртаючыся да цяпер ужо былых калег, пажадаў ім поспехаў у службе, асабліва звярнуўшы ўвагу на тое, што ў выкананні службовых абавязкаў супрацоўнікі міліцыі не павінны забываць свайго галоўнага прызначэння – служыць закону, народу, Айчыне.

Алена ДАНІЛОВІЧ.

Фота аўтара.